← Back to list

Метэазонды на Літву — гэта наўрад ці кантрабандысты.

Навуковец падлічыў, наколькі гэта выгадна

Siarhei Besarab · 2025-10-29 13:59 · 0 claps · 7.4 min read
#weather-balloon #belarus #siarhei-besarab #lukashenko
Open on Medium ↗
Wiki topics: 🌍 · Earth Science

Метэазонды на Літву — гэта наўрад ці кантрабандысты.

Навуковец падлічыў, наколькі гэта выгадна

Паветраны шар з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі, які прызямліўся ў Арэнскім раёне Літвы. 21 лістапада 2023 года. Фота: VSAT Varėna/ Lrv.lt

Паветраны шар з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі, які прызямліўся ў Арэнскім раёне Літвы. 21 лістапада 2023 года. Фота: VSAT Varėna/ Lrv.lt

Сяргей Бесараб даводзіць: метэазонды — добры навуковы інструмент і цудоўная магчымасць для папулярызацыі навукі, інжынерыі і матэматыкі. Але не такі добны інструмент для кантрабанды цыгарэтаў: выходзіць дарагавата і занадта складана лагістычна.

Літва чарговы раз закрыла мяжу з Беларуссю 26 кастрычніка, і на гэты раз — да 30 лістапада. Афіцыйны Менск называе гэта правакацыяй Літвы. Літоўскі ж бок даводзіць, што прычына — запуск метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, пра які ўлады Беларусі не могуць не ведаць.

На выкарыстанне метэазондаў пакрыўдзіўся беларускі навуковец-хімік, аналітык тэхналогіяў Сяргей Бесараб.

«Для мяне гэта навуковая рэч, вельмі светлая, — кажа Бесараб «Белсату» пра метэазонды. — Выкарыстоўваць іх для кантрабанды, для атакі… Расейцы ўсё ператвараюць у зброю, і нашыя недарэкі пад гэтую марку таксама!»

Ён цікавіцца метэазондамі ў навуковых і папулярызатарскіх мэтах. Марыў арганізаваць сярод беларускіх школьнікаў ці студэнтаў сапраўдны рух аэрастатчыкаў: гэта ж самы даступны шлях у космас! Дакладней, у перадкосмас: звычайныя метэазонды могуць падымацца на 30–40 км, а лінія Кáрмана — умоўная мяжа між атмасферай Зямлі і космасам — гэта 100 км.

Бесараб даводзіць, што аэранаўтыка метэазондаў толькі здаецца нейкім панурым вымярэннем тэмпературы, ціску і хуткасці ветру. Калі на метэазонд прычапіць фотакамеру — гэта самы просты і танны спосаб убачыць космас.

[embed]Што будзе, калі запусціць у стратасферу бохан часночнага хлеба:

Гісторыя метэазондаў пачалася ў 1930-я гады, першым аэрастатчыкам можна лічыць Агюста Пікара, які з дапамогай гэтых прылад даследаваў касмічнае выпраменьванне, радыяцыю на вышыні 30–40 кіламетраў. Дзякуючы гэтаму былі адкрыты тры новыя элементарныя часцінкі: пазітрон, мюон і пі-мезон. Метэазонды-аэрастаты можна выкарыстоўваць для касмічных навуковых даследаванняў, але без выдаткаў на выхад у космас. І рабіць гэта можа кожны ахвочы.

Бесараб пачаў пераймацца тым, што метэазонды выкарыстоўваюць у кепскіх мэтах, і сеў лічыць, наколькі гэта мэтазгодна для кантрабанды.

Колькі каштуе запусціць метэазонд?

Метэазонд, тлумачыць Бесараб, гэта фактычна паветраны шарык з пругкага палімернага матэрыялу, найчасцей са штучнага ці натуральнага латэксу. Яго напаўняюць лёгкім газам: вадародам, геліем ці іх сумессю. Бываюць яшчэ поліэтыленавыя метэазонды, так званыя zero-pressure, не разлічаныя на ціск з сярэдзіны (латэксныя на сваёй «крэйсерскай» вышыні раздзьмухваюцца праз меншы ціск звонку).

Архімедава сіла выштурхае шар у верхнія разраджаныя пласты атмасферы, менавіта дзякуючы ёй шар можа несці нейкую карысную нагрузку. Што метэазонд з кантрабанднымі цыгарэтамі, што цэпелін «Гіндэнбург» лятуць паводле аднаго прынцыпу, толькі на розных вышынях і з рознай нагрузкай.

У Літву прыляталі розныя зонды, якія неслі розныя грузы цыгарэтаў. Напрыклад, гэтым летам у школьным двары ў Коўне прызямліўся, мяркуючы па фота відавочцаў, шар дыяметрам купала не менш за 4 м. Паведамлялася, што знайшлі каля 1500 пачак кантрабандных цыгарэтаў.

Паветраны шар, які нёс кантрабандныя цыгарэты з Беларусі і прызямліўся ў двары школы ў Коўне, Літва. 11 ліпеня 2025 года. Фота: чытач Kasvyksta.lt

Паветраны шар, які нёс кантрабандныя цыгарэты з Беларусі і прызямліўся ў двары школы ў Коўне, Літва. 11 ліпеня 2025 года. Фота: чытач Kasvyksta.lt

Блок цыгарэт з 10 пачак важыць каля 250 грам. Значыць, шар з 1500 пачкамі або 150 блокамі па 10 пачак мусіў несці (150 пачак × 0,25 кг) = 37,5 кг цыгарэт. Абалонка шара таксама важыць нямала — на такі груз спатрэбіцца шар з вагой латэкснай абалонкі ў некалькі кілаграм.

Пад’ёмная сіла гелію паводле закону Архімеда — каля 1 літра на 1 грам вагі. Значыць, на 1 кг трэба 1000 літраў або 1 м³, на 37,5 кг грузу — 37,5 м³ гелію. Паветраны шар — не ідэальны шар, форма бліжэй да «кроплі». Каб столькі гелію ўлезла ў паветраны шар, патрэбны шар з дыяметрам купала каля 4,15 метра. І сам шар мае вагу. Каб падняць і шар, і груз, трэба будзе ўжо не менш за 40 м³ гелію і метэазонд з дыяметрам купала каля 4,5 м.

І гэта не такі самы шар, як шарыкі, што купляюць на святы. Гэты спецыяльны шар, разлічаны на палёты на вышыні, тонкія шарыкі такога не вытрымаюць. Прынамсі раней у Беларусі для метэазондаў найчасцей куплялі бразільскія латэксныя шары. Японскія (як «Totex») яшчэ лепей, але яны даражэйшыя, гэта ўжо «самы шык».

Шукаем у продажы шар пад нашыя ўмовы. У метэазондах пазначаюць максімальную пад’ёмную вагу і дыяметр пры разбурэнні з разліку на максімальную вышыню палёту метэазонду, а гэта наўрад ці менш за 10 км. Так высока наўрад ці трэба падымаць цыгарэты, таму можна рабіць «зніжку» на меншую вышыню. Возьмем шар з дыяметрам на разбурэнне 6,8 м і максімальнай пад’ёмнай вагой да 20 кг за 24 тысячы расейскіх рублёў — 887,35 беларускага рубля паводле курсу Нацбанку. Бесараб падкрэслівае: сабе ён узяў бы шар з большым дыяметрам на такі груз, бо навуковец не стане ашчаджаць на надзейнасці, але кантрабандыст можа сабе дазволіць эканомію на шары, бо калі запускае дзясяткі такіх шароў, не страшна, калі некалькі страціць.

Звычайны балон з геліем — 40-літровы (такі яго геаметрычны аб’ем), які пры звычайных умовах утрымлівае каля 6 ­м³ гелію. Такі балон каштуе каля 320 рублёў. Значыць, запраўка нашага шара 40 м³ гелію будзе каштаваць (320 рублёў за балон / 6 м³ гелію ў балоне × 40 м³ гелію ў шар) = 2133 рублёў 34 капейкі. На гэта спатрэбяцца няпоўныя сем балонаў.

Сяргей Бесараб на Другім з’езде беларускіх навукоўцаў «Вялікі Воз». Пярнумаа, Эстонія. 31 ліпеня 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Marharyta Laktsevich-Iskryk / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Сяргей Бесараб на Другім з’езде беларускіх навукоўцаў «Вялікі Воз». Пярнумаа, Эстонія. 31 ліпеня 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Marharyta Laktsevich-Iskryk / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Пачка звычайных танных беларускіх цыгарэт, якія перапраўляюць кантрабандысты, каштуе ад 3 да 5 рублёў. Возьмем цану ў 4 рублі. Шар нясе 1500 пачак — значыць, груз на 6000 рублёў. А ўся канструкцыя каштуе (6000 за цыгарэты + 2133,34 за гелій + 887,35 рубля за шар) = 9020,69 рубля. Пачка цыгарэт, што была па 4 рублі, «з дастаўкай» каштуе ўжо (9020,69 рубля за канструкцыю / 1500 пачак) = 6.01 рубля або 1,75 еўра.

Гэта выглядае выгадна: у Літве яшчэ трэба пашукаць пачку «легальных» цыгарэт хаця б па 4 еўра. Калі браць толькі цану шара і гелію, а цыгарэты прадаваць па 3 еўра за пачку, выйдзе, што кантрабандыстам дастанецца прыбытак (3 еўра пры продажы — 1,75 еўра кошту пачкі з «дастаўкай») × 1500 пачак = 1875 еўра з партыі.

Ды гэта трэба дзяліць ніяк не менш як на двух чалавек: адзін прымае і як мінімум адзін адпраўляе. І калі напаўняць шар-зонд геліем, ён жа падымаецца! А патрэбны 4,5-метровы шар, які падыме 37,5 кг. Бесараб згадвае, як сам з сябрамі запускаў метэазонд: некалькі чалавек накрывалі садзьмуты шар тэнтам, які трымаўся на якарах, і тады яго можна было надзімаць. Дзяліць давядзецца наўрад ці на двух.

Уявім, што ў аперацыі задзейнічаныя пяць чалавек. З шара і 1500 пачак цыгарэт яны атрымаюць па 375 долараў на чалавека. Але гэтыя разлікі не ўлічваюць выдаткаў на транспарт кантрабандыстаў з цыгарэтамі па абодва бакі мяжы, на транспарт з балонамі па беларускі бок, на газавую арматуру, а таксама рызыкі страціць або не знайсці шар і рызыкі страціць волю разам з шарам. Схема выглядае ўсё больш сумнеўнай.

Кантрабандысты ведаюць таннейшы спосаб?

Былы кантрабандыст расказваў выданню «Most» пра іншыя лічбы: тры балоны газу на шар (а не сем, як у нашых падліках), сабекошт зонду — прыкладна 350 долараў (а не 1200, як у нашых падліках). Ён казаў гэта ў кантэксце кантрабанды 1500–2000 пачкаў цыгарэтаў на шар.

Магчыма, у гэтых падліках ёсць памылка ці схаваная зменная, як то меншая колькасць цыгарэтаў на шар (запускалі, напрыклад, шары з 750 пачкамі — удвая меншы груз) ці ніжэйшая цана газу.

Паветраны шар, які нёс кантрабандныя цыгарэты з Беларусі і прызямліўся ў Літве. У той раз паведамлялася пра 6 шароў і 12 тысяч пачкаў цыгарэт. 2 кастрычніка 2025 года. Фота: чытач Kasvyksta.lt

Паветраны шар, які нёс кантрабандныя цыгарэты з Беларусі і прызямліўся ў Літве. У той раз паведамлялася пра 6 шароў і 12 тысяч пачкаў цыгарэт. 2 кастрычніка 2025 года. Фота: чытач Kasvyksta.lt

Напрыклад, шары могуць запаўняць не бяспечным геліем, а значна больш небяспечным вадародам. Ён мае крыху большую пад’ёмную сілу і на парадак ніжэйшую цану, але можа выбухнуць пры запраўцы, запуску ці няўдалым прызямленні. А пра выбухі шароў ці кантрабандыстаў не паведамлялі.

І калі запраўляць шар вадародам, трэба будзе шэсць 40-літровых балонаў на 37,5 кг цыгарэт, і ў 350 долараў (калі не больш) абыдзецца толькі газ, без уліку цаны самога шара. Можна запраўляць шары таксама сумессю вадароду з геліем, але гэта даражэй, чым чыстым вадародам.

Ды нават калі ўзяць прыбыткі з зонду за 350 долараў на партыю 1500 пачак цыгарэт, застаюцца іншыя перашкоды.

Пытанне не толькі ў цане, але і ў лагістыцы

Бесараб прапануе ўявіць, як везці дзясяткі 40-літровых балонаў з геліем. На ровары такое не завязеш. І патрэбная пускавая пляцоўка, на якой трэба напаўняць шары геліем. А яшчэ патрэбная каманда. Каб адразу запусціць 66 метэазондаў, як было ў апошні раз, патрэбная каманда хаця б з 10 чалавек у адным месцы. І гэта ў памежжы, дзе можна нарвацца на патруль.

Навукоўцу смешна ўяўляць, як такая група кантрабандыстаў незаўважна запускае 66 шароў. Наўрад ці такое можна зрабіць без дазволу дзяржавы. Аб тым жа выданню «Most» казаў былы памежнік: столькі метэазондаў — «гэта ўжо ніяк не падобна да шараговых кантрабасаў, яны працуюць ціха, не ў іх інтарэсах так звяртаць на сябе ўвагу».

Для 66 шароў трэба вельмі шмат гелію. Нават калі лічыць па тры балоны на шар, як казаў кантрабандыст, гэта 198 балонаў. Бесараб задаецца пытаннем, ці будзе агулам на ўсю Беларусь столькі балонаў гелію, каб заправіць 66 шароў. У звычайных умовах столькі гелію ў краіне не спажываюць, трэба завозіць з Расеі. І такую колькасць балонаў могуць заўважыць памежнікі.

Да таго ж, метэазонды могуць быць як адносна кіраванымі, так і практычна некіраванымі. Пра гэта казаў кантрабандыст: з аднаго пункту можна запусціць дзесяць шароў, і ўсе яны прыземляцца ў розных месцах, бо некіраваныя, падаюць дзе заўгодна і часам вяртаюцца ў Беларусь.

Кантрабандысты з метэазондам, цыгарэтамі і балонамі з газам, зтрыманыя ў Воранаўскім раёне, Беларусь. 13 лютага 2025 года. Фота: Gpk.gov.by

Кантрабандысты з метэазондам, цыгарэтамі і балонамі з газам, зтрыманыя ў Воранаўскім раёне, Беларусь. 13 лютага 2025 года. Фота: Gpk.gov.by

У Беларусі апошнім часам пагоршыліся прагнозы надвор’я. У «Белгідрамеце» наракалі на тое, што для добрага прагнозу трэба рэгулярна і сістэматычна запускаць метэазонды, а гэта дорага. Па словах Бесараба, прынамсі ў Расеі цяпер выкарыстоўваюць танныя метэазонды: бяруць шар, на якія вешаюць просценькую пенапластавую каробку, у якой невялікая пячатная плата, штанга з тэрмарэзістарам і дзве батарэйкі, скручаныя ізалентай. Магчыма, у беларускіх метэаролагаў падобныя апараты. Канструкцыя танная, але аднаразовая і практычна некіраваная.

Іншая справа — што робяць з метэазондамі энтузіясты. Са спецыяльнымі клапанамі і сервапрывадамі можна рэгуляваць колькасць газу ў шары і праз гэта вышыню, а з вышынёй мяняецца напрамак ветру і, адпаведна, палёту. Са складанай аўтаматыкай можна садзіць зонд нават з дакладнасцю да 5 метраў. У аматараў на зондах могуць быць наладжаныя і фотаапараты, і радыёсувязь APRS, і GPS-трэкер з перадачай каардынатаў… Каб наладзіць такі прасунуты зонд, дасведчанаму спецыялісту з гатовымі дэталямі і адпрацаванымі праграмамі патрэбная хіба гадзіна. Але кантрабандыст «з чатырма класамі царкоўна-прыхадской школы», як кажа Бесараб, такога не зробіць.

Да таго ж, метэазонд цяжка скіраваць назад: трэба або данапаўняць газам, зноў запускаць і зноў лавіць, або перавозіць па зямлі праз мяжу. І гэта пры ўмове, што шар не пашкодзіцца пры прызямленні. Калі трэба далікатна пасадзіць шар, выкарыстоўваюць парашуты (нярэдка самаробныя), але на здымках зондаў з Літвы парашутаў не відаць. Хутчэй за ўсё, такія зонды для кантрабандыстаў аднаразовыя.

Метэазонд, паўтарае Бесараб, гэта навуковы інструмент. Для навукі выдаткі апраўданыя. Для кантрабандыстаў дакладна скіраваць метэазонд — складана, а запускаць метэазонды — дорага.

[embed]Метэазонд даў паглядзець на сонечнае зацменне са стратасферы і пабачыць цень Месяца на Зямлі

Іншая справа — калі метэазонды выкарыстоўваць для тэставання супрацьпаветранай абароны праціўніка, патэнцыйнай перагрузкі сістэмы. Бесараб падлічвае: калі ўзяць сотню метэазондаў па 200–300 долараў і «выманіць» на іх вылет самалёта-знішчальніка, выдаткі могуць акупіцца. Калі «выманіць» цэлую ракету за паўмільёна долараў, тым больш акупяцца. Але ракеты і самалёты — гэта не тое самае, што кантрабанда цыгарэт.

Алесь Наваборскі 29.10.2025 https://belsat.eu/89730636/meteazondy-na-litvu-heta-naurad-ci-kantrabandysty


메타데이터
post_id
3f5bdbced624
slug
weather-balloon-3f5bdbced624
url
https://medium.com/@steanlab/weather-balloon-3f5bdbced624
canonical_url
https://medium.com/@steanlab/weather-balloon-3f5bdbced624
author_url
https://medium.com/@steanlab
status
ok
fetched_at
2026-07-16 01:00:24